а огурцы - это юбка или пододеяльник? огурцы - это шаровары!
Дзівак чалавек
Дзівак чалавек...
Глядзіць на расінку макавую
і цэлае сонца бачыць перад сабой.
Дзівак чалавек...
Бярэ звычайную ракавіну
і чуе ў ёй акіянскі прыбой.
Дзівак чалавек...
Бачыць сцяжынку гладкую,
а марыць аб трудных, цярністых
шляхах
з іх круцізною, з іх небяспечнай
загадкаю
і будзе ісці, пакуль мае сілу ў нагах.
Дзівак чалавек...
Са стратаю непапраўнаю
не мірыцца ён нізашто ў душы.
3 няпраўдай не мірыцца
і з крыўднаю праўдаю
не хоча мірыцца —
хоць кол ты на ім чашы.
Дзівак чалавек...
Яму ў многім адмовілі.
А ён не здаецца,
а ён не спіць па начах.
Ён верыць усё ў свой перпетуум-
мобіле,
у панацэю, у цудадзейны рычаг.
Дзівак чалавек...
Яму — Хірасіму, Асвенцім,
яму, замест імя,—
асвенцімскае таўро.
А ён паўтарае,
што ёсць дабро на свеце,
што будзе дабро
і што пераможа дабро.
Дзівак чалавек...
Не можа не спадзявацца,
не можа не верыць,
не можа ніяк!
Дзівак чалавек...
I гэта яго дзівацтва ратунак
яго,
яго чалавечы знак.